СПО́РАВЫЯ РАСЛІ́НЫ,
філагенетычна гетэрагенная група раслін, якія размнажаюцца і распаўсюджваюцца пераважна спорамі, што ўтвараюцца бясполым і палавым шляхам. Да іх адносяць водарасці і вышэйшыя С.р. (мохападобныя, дзеразападобныя, хвошчападобныя, папараці, шэраг выкапнёвых раслін), а таксама лішайнікі і грыбы. Бясполае размнажэнне грыбоў, водарасцей і лішайнікаў адбываецца рухомымі зааспорамі, нерухомымі апланаспорамі, спарангіяспорамі; палавое — ааспорамі, зігаспорамі; таксама магчыма вегетатыўнае размнажэнне (аідыі, хламідаспоры, гемы). У вышэйшых С.р. бясполае размнажэнне адбываецца спорамі, што ўтвараюцца ў спарангіях спарафітаў. С.р. проціпастаўляюць насенным раслінам — голанасенным і пакрытанасенным, што размнажаюцца і распаўсюджваюцца насеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)